ЧА́ШНІЦКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА «Чырвоная Зорка». Засн. ў 1886 у в. Смальянцы Лепельскага пав. (цяпер у межах г. Чашнікі) як папяровая ф-ка «Скіна». Выпускала кардон, паперу для пісьма, каляровую, друкарскую, абгортачную, муштучную (для папярос). Мела з 1890 паравую машыну, з 1895 вадзяную турбіну і лакамабіль, у 1908 4 паравадзяныя рухавікі, у 1894—1912 устаноўлены 3 папераробныя машыны; працавала да 397 рабочых. З 1923 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1945 пушчана 3-я, у 1948—2-я, у 1950—1-я, у 1974—4-я, у 1980—5-я папераробныя машыны. У 1990-я г. 2 старыя (1905, 1908) папераробныя машыны дэманціраваны. У 1993 пабудаваны цэх па вытв-сці водарастваральных фарбаў для друку флексаграфічным і глыбокім спосабамі (з 1997 закансерваваны). У 1997 уведзена вытв-сць гафрыраванага кардону і тары з яго. Асн. прадукцыя (2003): папера для гафрыравання, кардон для плоскіх слаёў, гафракардон і тара з яго.
С.В.Падрэз.
т. 17, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)